17 траўня 2024, Пятніца, 7:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Да чаго прывядзе дыпламатычны скандал паміж Таджыкістанам і Расеяй?

2
Да чаго прывядзе дыпламатычны скандал паміж Таджыкістанам і Расеяй?

Расейская палітыка становіцца ўсё больш ксенафобнай.

Паміж Расеяй і Таджыкістанам іскрыць. Расейскаму паслу ў Душанбэ была ўручаная нота. У самой РФ пачалося "паляванне на ведзьмаў", праверкі мігрантаў з Таджыкістана, у краіну не пускаюць тысячы грамадзян краіны.

Якія палітычныя наступствы будзе мець такая пікіроўка Масквы і Душанбэ? Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў са славацкім палітолагам і прэзідэнтам Інстытута грамадскіх праблем (IVO) (Браціслава) Рыгорам Мясежнікавым:

- Наступствы гэтага канфлікту будуць негатыўнымі адначасова для дзвюх дзяржаў, але трэба разумець, што Таджыкістан знаходзіцца ў складанай геапалітычнай сітуацыі. Расея дагэтуль разглядалася (і, фактычна, усё яшчэ разглядаецца) кіраўніцтва гэтай краіны як галоўны стратэгічны супольнік. Гэта вядомы факт, што значная частка насельніцтва Таджыкістана эканамічна завязана або на Расею, або на працу ў РФ, або на атрыманне так званых рэмітэнтаў, сродкаў, якія таджыкскія грамадзяне зарабляюць у Расеі, а потым пераводзяць сваім сем'ям.

Расейская ўнутраная палітыка становіцца ўсё больш ксенафобнай, прычым гэта часта тычыцца нават грамадзян Расеі нераейскага паходжання. Цяпер у дачыненні да грамадзян Цэнтральнай Азіі праяўляецца тэндэнцыя на пошук нейкага ўнутранага ворага, асабліва ва ўмовах сітуацыі, якая склалася пасля тэрарыстычнага акту ў “Крокусе”, калі рэжым разглядае за магчымае частку адказнасці за няздольнасць уладаў абараніць насельніцтва ад тэрарызму перанесці на мігрантаў, што гэта яны ствараюць пагрозу для бяспекі і іншае.

Пры гэтым варта ўлічваць, што Таджыкістан уваходзіць у абаронны альянс створаны Расеяй. Думаю, гэта будзе такім паказальным момантам - ці будуць зробленыя таджыкскім кіраўніцтвам нейкія высновы наконт гэтага боку супрацоўніцтва з РФ. Але, шчыра кажучы, я скептычна да гэтага стаўлюся, таму што Таджыкістан з'яўляецца рэжымам аўтарытарным. Дастаткова паглядзець на мапу і зразумець, што, хутчэй за ўсё, ён будзе працягваць арыентацыю на Расею.

Пакуль у краінах Цэнтральнай Азіі не пачнуцца нейкія больш істотныя сацыяльна-палітычныя змены, хаця б мінімальныя рухі ў бок больш мяккіх, дэмакратычных формаў кіравання, працяг супрацоўніцтва аўтарытарных урадаў з Расеяй самы верагодны сцэнар. Тут ёсць пэўная логіка - Расея вакол сябе канцэнтруе дзяржавы, якія тыпалагічна падобныя з яе ўласным рэжымам.

- Расейская эканоміка шмат у чым пабудаваная на мігрантах з Цэнтральнай Азіі, тым больш сёння, калі многія расейцы ваююць ва Украіне. Ці можа пачацца масавы зыход мігрантаў з РФ?

- Я б гэтага не выключаў. Наколькі ён будзе масавым - будзе залежаць ад таго, як будзе развівацца агульная сітуацыя, як будзе расейскае кіраўніцтва рэагаваць на сітуацыі, якія прывялі зараз да пагаршэння дачыненняў з Таджыкістанам. Расея можа проста абмежаваць уезд мігрантаў з Цэнтральнай Азіі. Па-мойму, ужо зараз пачынаюцца гэтыя працэсы, калі грамадзян гэтых краін проста «разварочваюць» пры спробах уехаць у Расею.

Калі будзе створаная сітуацыя нецярпімасці да мігрантаў з Цэнтральнай Азіі, не выключана, што пэўная частка гэтых грамадзян проста выедзе з Расеі назад на радзіму. У асобных рэгіёнах, ды і ў самой Маскве, мігранты з'яўляюцца даволі істотнай падмогай для развязання нейкіх эканамічных задач, на гэтай справе нажываецца значная частка расейскага бізнэсу. Нават тая частка бізнэсаў РФ, якая завязана на нейкіх карупцыйных схемах у галіне міграцыі, пачне адчуваць пэўныя цяжкасці.

Пры гэтым не толькі грамадзяне Таджыкістана, але і грамадзяне іншых краін могуць адчуваць сябе няўпэўнена, адчуваць сябе ў небяспецы. Такія выпадкі ўжо былі раней, калі гэтыя грамадзяне станавіліся аб'ектам расавых нападаў. Наколькі мне вядома, былі нават выпадкі са смяротным зыходам.

Для мігрантаў з краін Цэнтральнай Азіі Расея - не самая лепшая магчымасць для пражывання і заробку, але ўлічваючы цяжкую сітуацыю ў саміх гэтых краінах, нейкім чынам развязацб пытанні па-за Расіяй у жыхароў гэтых краін таксама абмежаваныя. Якія магчымасці ў гэтых людзей ёсць, куды ім можна паехаць? Калі рэалістычна ацэньваць сітуацыю, то Еўразвяз для іх, напэўна, не зусім адкрыты. Кітай - краіна, дзе ўсё рэгулюецца і кантралюецца. Не думаю, што Пекін будзе спрабаваць развязаць гэтую сітуацыю, дапамагаючы грамадзянам гэтых дзяржаў. Так што яны цяпер ў вельмі неспрыяльнай сітуацыі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках