Заснавальнік Telegram расказаў пра свае ўкраінскія карані
11- 2.05.2024, 20:17
- 5,602
Павал Дураў таксама паведаміў пра цікавасць да ўкраінскай мовы з падлеткавага ўзросту.
Заснавальнік Telegram Павал Дураў заявіў пра цікавасць да ўкраінскай мовы з падлеткавага ўзросту на фоне нараджэння там сям'і ягонай маці. Адпаведны пост апублікаваны ў ягоным тэлеграм-канале.
«Як лінгвіст з адукацыі, я таксама быў зачараваны адрозненнямі і падабенствамі паміж украінскай і расейскай мовамі», – напісаў ён.
Паводле словаў Дурава, з гэтай прычыны ў 2008 годзе першая версія сацсеткі «УКантакце» (прадпрымальнік – адзін са стваральнікаў кампаніі, але ў 2014 годзе пакінуў яе) была створаная ў тым ліку з украінскай мовай. «У той час большасць папулярных ва Украіне вэб-сайтаў усё яшчэ былі на расейскай, але я хацеў даць мільёнам нашых карыстальнікаў з Украіны свабоду ў іх дзеяннях. Для гэтага мне давялося перапісаць большую частку кода “УКантакце”», – заявіў бізнэсмэн.
Пасля гэтага цягам некалькіх месяцаў Дураў выкарыстоўваў выключна ўкраінскую версію «УКантакце», каб пераканацца, што «не прапусціў ніводнага расейскага слова, усё яшчэ жорстка закадаванага». А ў выніку гэтай працы ён «неўнікнёна крыху вывучыў украінскую мову».
Запуск украінскамоўнай версіі «Укантакце» бізнэсмэн адзначаў у Кіеве. «Людзі там былі вельмі гасцінныя, таму з гадамі я вяртаўся, каб завесці новых сяброў, якія потым вучылі мяне новым словам і пацешным выразам», – расказаў ён.
Пасля 2022 года Дураў пачаў вывучаць украінскую мову ў дадатку Duolingo, дзе набраў 5403 балы досведу, кажа ён. У цяперашні час, паводле словаў бізнэсмэна, пры праглядзе тэлеграм-каналаў ён разумее блізу 95% пісьмовай і 85% гутарковай гаворкі.
«Самае галоўнае, што магчымасць чытаць па-ўкраінску без перакладу дазваляе мне быць упэўненым, што працэсы мадэрацыі Telegram справядлівыя для ўсіх, а недакладны пераклад не ўплывае на якія-небудзь пастановы ў складаных выпадках, якія даводзяцца да ўзроўню генеральнага дырэктара», – адзначыў Дураў.
Больш за 70% украінцаў выкарыстоўваюць Telegram, аднак на іх прыпадае менш за 3% глабальнай аўдыторыі, падкрэсліў Дураў. «Мы імкнемся быць месцам, дзе да ўсіх ставяцца справядліва незалежна ад іх паходжання і дзе ідэі могуць вольна канкураваць незалежна ад іх мовы», – сказаў на заканчэнне ён.