18 траўня 2024, Субота, 23:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошт нафты Brent узяў курс на наймацнейшае тыднёвае падзенне

1
Кошт нафты Brent узяў курс на наймацнейшае тыднёвае падзенне

За тыдзень барэль патаннеў больш як на 5%.

Кошты нафты могуць скончыць тыдзень максімальным падзеннем за апошнія тры месяцы, падлічыў Reuters. Зніжэнне каціровак нафты маркі Brent да 16:35 паводле Менску 3 траўня склала 5,5%, да $83,33 за барэль. Нафта WTI з пачатку тыдня патаннела на 6,4%, да $78,48 за барэль.

Зніжэнне на рынку нафты назіралася на фоне нявызначанасці што да попыту на паліва, высокіх адсоткавых ставак і прыкмет паслаблення геапалітычнай рызыкі. Інвестары занепакоеныя тым, што высокія адсоткавыя стаўкі ў доўгатэрміновай перспектыве будуць стрымліваць эканамічны рост у ЗША, найбуйнейшым спажыўцу нафты ў свеце, а таксама ў іншых частках свету, піша выданне. Ад больш істотнага зніжэння рынак утрымлівалі перспектывы таго, што краіны ОРЕС+ прадоўжаць абмяжоўваць здабычу.

ФРС ЗША на гэтым тыдні захавала адсоткавыя стаўкі на ранейшым узроўні і адзначыла высокія паказчыкі інфляцыі, якія могуць затрымаць пачатак цыкла зніжэння ставак. Стаўка ФРС ЗША не мяняецца з лета 2023 года, застаючыся на максімуме больш чым за 20 гадоў. Больш высокія стаўкі звычайна ціснуць на эканоміку і могуць знізіць попыт на нафту.

«Мы разглядаем распродаж сыравінных тавараў за апошнія два дні як наступствы перагляду перспектыў змены ставак ФРС», – паведамілі аналітыкі JP Morgan. На іх думку, зніжэнне коштаў на рынку нафты не мае фундаментальнага характару.

Ціск на кошты таксама мелі негатыўныя для рынку звесткі аб запасах ад Управы энэргетычнай інфармацыі ЗША (EIA), адзначылі ў ING. Агульныя запасы нафты выраслі за тыдзень на 7,3 млн барэляў і склалі амаль 461 млн барэляў, што стала самым высокім узроўнем з чэрвеня мінулага года. Апытаныя Reuters аналітыкі чакалі зніжэння на 1,1 млн барэляў.

Акрамя таго, прэмія за рызыку на нафтавым рынку працягвае змяншацца па меры паслаблення геапалітычнай напружанасці на Блізкім Усходзе, паведамілі ў ING. Аднак гэты фактар можа вярнуцца на рынак, таму яго не трэба цалкам скідаць з рахункаў, папярэдзілі аналітыкі банка.

Аналітыкі ING мяркуюць, што $80 за барэль - гэта ніжняя мяжа для зніжэння каціровак. Гандаль ніжэй за гэты ўзровень цягам доўгага перыяду, імаверна, будзе садзейнічаць таму, што ОРЕС+ падоўжыць дадатковыя добраахвотныя скарачэнні на другую палову года, папярэдзілі эксперты. Наступная сустрэча вытворцаў нафты ОРЕС+ прызначаная на 1 чэрвеня. Акрамя таго, фундаментальна рынак па-ранейшаму знаходзіцца ў дэфіцыце. На адзнаку ING, у другім квартале недахоп сыравіны складзе блізу 1 млн барэляў на дзень.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках