18 траўня 2024, Субота, 21:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Самае галоўнае – не пантавацца перад дзяўчатамі»

14
«Самае галоўнае – не пантавацца перад дзяўчатамі»

Беларус пасля разводу з жонкай адкрыў першае ў Гомелі мотатаксі.

Не ўсе гамельчукі ведаюць, што ў іх горадзе працуе мотатаксі. Адзіны ў Гомелі ўладальнік байка з шашачкамі на борце Аляксандр Гацук заняўся такой працаў пасля разводу з жонкай і пераезду ў іншы горад. Ён расказаў парталу «Белка», як гэта кіраваць таксі-матацыклам і на колькі абыдзецца паездка.

Да 33 гадоў Аляксандр нават не глядзеў у бок байкаў, усё змянілася пасля разводу з жонкай. Мужчына вельмі цяжка перажываў гэты перыяд, давялося нават пераехаць у іншы горад. З новым месцам жыхарства памянялася і кола зносінаў, а з ім – і захапленні.

– Я перабраўся са Светлагорска ў Рэчыцу і там пазнаёміўся з мясцовымі байкерамі. Яны зрабілі на мяне моцнае ўражанне. Надумаў далучыцца да іхняга братэрства, – успамінае Аляксандр.

Першым ягоным матацыклам стаў кампактны чопер Daelim на 125 кубоў. Набраўшыся досведу, праз некалькі гадоў мужчына набыў матацыкл больш моцны Honda Gold Wing для язды з шыкам і камфортам на любыя адлегласці.

А праз некаторы час у Аляксандра ўзнікла ідэя адкрыць мотатаксі:

– Усё ў гэтым свеце павінна прыносіць карысць. У матацыкла два месцы, а катаюся я адзін. Хоць хтосьці мог бы яшчэ дакладна гэтак жа ехаць са мной і лавіць кайф. Дык чаму б гэта не ажыццявіць?

Тады ён думаў, што будзе першапраходцам у Беларусі. Але высветлілася, што ідэя не новая: у Гародні яшчэ ў 2013 годзе такі від перавозак супольна з гарадскім таксі арганізавалі чальцы мясцовага мотаклуба. Аляксандр звязаўся з кампаніяй і прапанаваў свае паслугі, з ім заключылі дамову. На борце Honda з'явілася адпаведная налепка, а ў Аляксандра – незвычайная праца.

Паводле ягоных словаў, выклікаць мотатаксі пакуль наважваюцца нямногія гамельчукі, але паслуга з кожным годам становіцца ўсё больш папулярнай. Тым не менш гаварыць пра сур'ёзныя заробкі тут не выпадае – гэта ў вялікай ступені хобі:

– Бывае, у адны дні нарасхват, а потым тыднямі цішыня. Да таго ж праца мотатаксі ў першую чаргу залежыць ад надвор'я.

Абмежаванняў для кліентаў няшмат. Напрыклад, узрост пасажыра – да 12 гадоў, вага – не большая за 120 кілаграмаў. П'янага кліента Аляксандр таксама не пусціць на борт.

Выклікаць мотатаксі можна праз нумар 7077. Паездка да пяці кіламетраў абыдзецца ў 9 рублёў. Шлях 10 кіламетраў – 15 рублёў. А чым даўжэйшы маршрут, тым большыя зніжкі.

Самай незвычайнай для мотатаксіста стала паездка з Менска ў Магілёў і назад. Замову зрабіў мужчына гадоў 35, які надумаў наведаць былую жонку і маленькага сына. Відаць, сустрэча прайшла ўдала, бо ўжо ў Гомелі, акрамя аплаты, Аляксандру дасталіся ад удзячнага пасажыра яшчэ і шчодрыя падарункавыя.

Асаблівых канфліктаў з кліентамі за шэсць гадоў у мужчыны не ўзнікала. Зрэшты, бывала, што некаторых за непрыстойныя паводзіны даводзілася высаджваць. За што? Напрыклад, за тое, што пасажыр паказаў сярэдні палец аўтамабілям, што праязджаюць міма. Такія ўчынкі недапушчальныя, і пра іх Аляксандр папярэджвае яшчэ да паездкі.

Паводле словаў Аляксандра, самыя небяспечныя адцінкі для кіроўцы – гэта двары, асабліва ў цёмны час сутак. Клопаты прыносяць і дрэнныя дарогі: ямы і выбоіны. Галоўныя ворагі любога матацыкліста могуць пазбавіць не толькі кола, але і жыцця. Таму дасведчаны Аляксандр імкнецца не парушаць ПДР, наколькі гэта магчыма для байкера.

– Самае галоўнае ў нашай справе – не пантавацца перад дзяўчатамі. Разумееш гэта толькі з досведам і ўзростам, – кажа мотатаксіст.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках