Чаму піва смачнейшае, калі халоднае?
26- 4.05.2024, 13:28
- 8,074
Навукоўцы выявілі дзіўную прычыну.
Навукоўцы высветлілі, чаму астуджаная бутэлька піва на смак такая добрая. Яны гавораць, звязана з тым, як алкаголь паводзіць сябе пры розных тэмпературах, піша Daily Mail.
У спецыяльна абсталяванай лабараторыі даследнікі вымералі «кантактны кут» серыі раствораў, якія ўтрымлівалі розныя канцэнтрацыі этанолу (самай распаўсюджанай формы алкаголю) у вадзе.
Вось так яны і змаглі атрымаць уяўленне, як малекулы ў сумесі ўзаемадзейнічаюць адна з адной. І высветлілася, што пры нізкіх канцэнтрацыях алкаголю этанол утварае больш пірамідальных структураў вакол малекулаў вады.
А калі канцэнтрацыю алкаголю павялічылі, то этанол пачаў выбудоўвацца нібы ў ланцужок.
На гэтыя ўтварэнні таксама ўплывала тэмпература. У пяціадсоткавых растворах этанолу (уласна, як у піва) навукоўцы выявілі дакладнае павелічэнне ланцужных структураў, калі яны былі астуджаныя да 5 градусаў паводле Цэльсія.
Пры пакаёвай тэмпературы такога не назіралася.
«Менавіта таму мы п'ем халоднае піва», – падсумавалі даследнікі з Кітайскай акадэміі навук. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Matter.
Выснова навукоўцаў таксама тлумачыць, чаму прафесійныя дэгустатары адчувалі моцны смак этанолу ў піве пасля таго, як яно пабывала ў лядоўні. Этанол, дарэчы, мае ялкавы і злёгку саладкавы смак, і адчуваць яго ў піве – гэта добра.
Навукоўцы таксама запэўніваюць, што іхнія высновы можа выкарыстоўваць алкагольная прамысловасць – каб дасягнуць этанолападобнага смаку з мінімальна магчымай канцэнтрацыяй алкаголю.