У Расеі заканчваецца месца на галоўных вайсковых могілках
9- 4.05.2024, 15:28
- 13,480
Яго павінна было хапіць на 200 гадоў.
У Падмаскоўі пашыраць галоўныя вайсковыя могілкі Расеі за кошт лесапарку насуперак пярэчанням мясцовых жыхароў. Пра гэта піша «Новая газета Еўропа».
Размова ідзе пра вайсковыя могілкі «Пантэон абаронцаў Айчыны» ў гарадской акрузе Мыцішчы Маскоўскай вобласці. Яны былі адкрытыя ў чэрвені 2013 года і за першыя сем гадоў у іх з'явілася 353 пахаванні.
Аднак пасля пачатку поўнамаштабнай вайны колькасць магілаў стала хутка расці. Толькі ў сектары пахаванняў загінулых на фронце ва Украіне дадалося больш за 900 магілаў.
Паводле падлікаў журналістаў, такімі тэмпамі месца на могілках скончыцца ў найбліжэйшыя паўтара-два гады. Пры гэтым першапачаткова меркавалася, што яго хопіць на 200 гадоў.
У Мінабароны Расеі знайшлі развязанне праблемы – пашыраць могілкі за кошт блізкага лесапарку. Ад яго адбяруць 17 гектараў.
Пастанову аб гэтым прыняла акруговая адміністрацыя. Яна не з'яўлялася ў публічным доступе, але пра падпісанне дакумента паведаміў адзін з мясцовых паблікаў, і прадстаўнікі акруговай адміністрацыі ў каментарах патлумачылі, што ініцыятыва зыходзіла ад Мінабароны: нібыта ўстанова мае намер забраць 10 гектараў лесу пад магілы для салдатаў, а яшчэ 7 будзе аддадзена пад гарадскія могілкі.
Пастанова была прынятая нягледзячы на тое, што мясцовыя жыхары выказваліся супраць і накіроўвалі пярэчанні на праект зменаў у генплан.