Пачым гародніна і садавіна на менскай Камароўцы ў гэтыя выходныя
1- 4.05.2024, 18:55
- 3,424
Трускаўка абыдзецца ў 15-35 рублёў за кіло.
Многая агародніна і садавіна на беларускіх рынках застаецца даволі дарагой. «Мінск-Навіны» наведалі ў суботу менскую Камароўку і распавялі пра кошты.
Патаннела трускаўка: яе можна знайсці ўжо і па 10 рублёў за кіло, але ў асноўным кошты ад 15 да 35 рублёў. Чарэшня таксама стала больш даступнай, але па-ранейшаму далёка не для ўсіх: калі зімой кілаграм каштаваў 200-250 рублёў, то зараз прадаюць па 168.
На іншыя ягады кошты таксама ўражваюць: маліна прадаецца ў латках па 125 грамаў за 20-25 рублёў, гэта 160-200 за кіло. Буякі – ад 75 да 120 рублёў за кг.
Яшчэ больш здзіўляюць нектарыны, персікі – кошт на іх дасягае 99 рублёў за кілаграм, можна знайсці і на парадак танней – па 6,9 рубля, але гэта рэдкасць. Абрыкосы таксама дарогі – ад 45 да 99 рублёў. Не лепшая сітуацыя з сунічным ківі – прадаецца па 65 рублёў за кіло. Вялікая разбежка ў кошце на ананасы – ад 10 да 45 рублёў.
Прасцейшая садавіна значна больш даступная: грушы і яблыкі прадаюцца ад 3,5 да 25 рублёў за кілаграм у залежнасці ад паходжання – беларускія ці імпартныя.
Сітуацыя з гароднінай крыху больш прыемная. Але і сярод яе ёсць, напрыклад, памідоры з Азербайджана па 40 рублёў за кіло – мясістыя і сакавітыя. Але хапае і больш бюджэтных таматаў па 7-11 рублёў, а можна знайсці нават па 4 рублі/кіло.
Агуркі прадаюцца ў асноўным па 7-8,5 рублі за кілаграм, ёсць танней і даражэй – ад 5 да 35 рублёў. Пучок радыскі на вясновую салату каштуе ад 2,5 да 5 рублёў. За галоўку салаты айсберг давядзецца аддаць 2 рублі, за пучок рукалы – 2,5.
Цукіні ідуць па 7 рублёў за кіло, балгарскі перац – ад 8 да 16 рублёў.
На самую базавую гародніну кошты такія:
- капуста беларуская, «зімовая», прадаецца па 1-3 рублі за кг, а прывазная «летняя», мяккая і далікатная – па 3-4.
- бульба – ад 60 капеек да 3 рублёў, імпартная – ад 7 да 12 рублёў;
- морква – ад 1,6 да 3,5 рубля, імпартная – ад 2 да 12 рублёў;
- бурак – ад 2 да 7 рублёў;
- цыбуля – ад 1 да 3,5 рубля, салатная – ад 10 да 25 рублёў;
- часнык – ад 15 да 40 рублёў за кілаграм.